ПОЛІМЕТЫ́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ, метынавыя фарбавальнікі,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць метынавыя групы —CH=, што ўтвараюць ланцуг спалучаных падвойных сувязей з няцотным лікам атамаў вугляроду паміж электронадонарнай і электронаакцэптарнай групамі па канцах. Колькасць метынавых груп у адкрытым ланцугу малекулы фарбавальніка можа быць і невялікай 1, 2, 3 і г.д., адпаведна адрозніваюць мона-, ды-, тры- і інш. метынавыя фарбавальнікі.

П.ф. маюць колеры ад жоўтых да зялёных, для іх характэрна высокая інтэнсіўнасць і святлоўстойлівасць афарбоўкі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі поліакрыланітрыльных і ацэтатных валокнаў, пластмас, фарбавання натуральнай скуры, вырабу чарніла, штэмпельных фарбаў і капіравальнай паперы, як аптычныя сенсібілізатары ў фатаграфіі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)